ТЫГРО́ВЫ ЯР,

запаведнік у ніжнім цячэнні р. Вахш у Таджыкістане. Засн. ў 1938 для аховы прыроднага комплексу тугайных лясоў і прылеглай пясчанай пустыні. Пл. 52,2 тыс. га. Рэльеф поймавай тэрасы раўнінны, з паніжэннямі, у цэнтры якіх знаходзяцца азёры. Глебы поймавай тэрасы р. Вахш алювіяльна-лугавога тыпу. Тугайная расліннасць прадстаўлена ўчасткамі лесу з таполі-турангі з травяным покрывам з эфемераў і эфемероідаў; значныя плошчы пад зараснікамі трыснягу і эрыянтусу. Звычайны алень бухарскі, кот чаротавы, шакал, заяц-талай, фазан, кобра, гюрза, пясчаная эфа; у пустыннай частцы сустракаюцца джэйран і драфа. У азёрах-старыцах сом, сазан, вусач, плотка і інш.; зімой шмат вадаплаўных птушак.

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)